

Чавуская пракуратура ўзбудзіла справу па крадзяжы грошай у мясцовым аддзяленьні Ашчаднага банку. Паводле зьвестак сьледзтва, дзве супрацоўніцы аддзяленьня махлярскім шляхам атрымалі 365120 рублёў. Верагодна, хутка адбудзецца суд і жанчыны "атрымаюць" вырок. Але хвалюе ды бянтэжыць іншае. Апошнімі часамі пашыраецца кола адносна дробных злачынстваў. Канешне, красьці ўвогуле дрэнна. Але ж у масавым парадку пачынаюць так дробна красці!.. Тыя ж банкаўскія супрацоўніцы маюць такія "небанкаўскія" заробкі, што і крадзёж сумы меней за 300 даляраў ужо не выклікае здзіўленьня. Збяднелы люд забясьпечвае свой дабрабыт як можа, і дзе можа. А дзяржава працягвае весьці справы такім чынам, што і крадзёж для многіх ужо не злачынства.
* * *
Кіраўнік аблвыканкаму Барыс Батура фактычна згадзіўся з тым, што кадравая палітыка дзяржавы незадавальняючая. Ня будзем у дазеным катэксьце характарызаваць галоўны "кадр" краіны, але і тым, хто ніжэй дужа неспрыяльна працаваць. Мяркуйце - 56% усіх кіраўнікоў у вобласьці былі за год зьмененыя. Гэта ж такая хвароба, што і ў сваіх "княствах" кожны з кіраўнікоў кагосьці зьмяняў. Так што названую лічбу можна яшчэ й павялічыць. Адных здымаюць за пралікі, прычыны якіх ляжаць у сутнасці цяперашняга сацыяльна-эканамічнага курсу, другіх у якасьці цэрэманіяльных ахвяр барацьбы з чарговым ворагам. Намесьніка старшыні выканкама пераводзяць у вытворчыя дырэктары (напрыклад, так зрабілі з Дзмітрыем і Ніканорам Міхаловічам). Адкуль жа будзе адказная чынавенская праца, калі замест яе чыноўнік мусіць думаць, як гэта пратрымацца і не патрапіць пад "кадравы" каток.
* * *
Шэрагі інфікаваных на СНІД людзей павялічыліся ў Асіповічах. І прычым за зіму ажно на 8 чалавек. Па словах супрацоўніка магілёўскага цэнтру прафілактыкі СНІДу Леаніда Варшаўскага, уся гэтая васьмёрка - наркаманы, а заразіліся праз шпрыц, якім супольна карысталіся. Жахлівая хвароба наркаманіі крочыць так, што выклікае ўсё больш і больш трывогі. Жабрацкая медыцына жабрацкай дзяржавы не мае сродкаў для эфектыўнага лекавання. Акрамя таго няма сродкаў і на эфектыўную палітыку ў справе прафілактыкі наркаманіі. А лічба СНІД-інфікаваных у вобласьці усё бліжэй да лічбы 150...
* * *
Ну, што можа зрабіць старшыня аблвыканкаму, калі нічога зрабіць ня можа? Ён можа пагражаць звальненьнем. Так і адбываецца. На апошняй сэсыі аблсавету Барыс Батура паведаміў раёенным вертыкальшчыкам, што яны і іх вертыкалі працуюць дужа дрэнна. Маўляў, эканамічныя беды народжаныя тым, што чынавенства не дбае пра эканоміку. Можа ў нечым і мае рацыю сп. Батура. Але наўрацьці чарговымі кітайскімі папярэджаньнямі "Звольню з працы!" справу зварухнеш. Ня першы Батура і не апошні, хто спрабуе вырашыць загадамі тое, што рэгулюецца эканамічнымі законамі і каштоўнасьцямі дэмакратыі.
* * *
Чарговае пасяджэньне прэс-клубу, наладжанага пры падтрымцы Міжнароднай фінансавай карпарацыі, прайшло ў абмеркаваньні такой праблемы як ліцэнзаваньне прадпрыймальніцкай дзейнасьці. Юрысты і спецыялісты тлумачылі, што ў нас ліцэнзуецца, а што не патрабуе гэтага. Высьветлілася, - без ліцэнзіі можна толькі сканаць. Атрымаць жа яе дужа цяжка. Канешне, у паперцы усё прапісана, але жыццё паказвае, што не ўсялякай паперцы, нават з гербавымі адзнакамі, можна верыць. Адпаведна, досьвед рэгістрацыі прадпрыемства і атрыманьня ліцэнзіяў на працу - гэта досьвед барацьбы і амаль што пакутаў. А таму і ня дзіва, калі даведваемся пра выміраньне беларускага прадпрыймальніцкага класу.
* * *
У грамадзкай арганізцыі "Кола сяброў" пачала працу школа журналістыкі "Свабоднае слова". Так ці йнакш школа існуе ўжо некалькі гадоў. За гэты час яна здолела падрыхтаваць групу журналістаў мясцовых маланакладных газэтак. Большая частка іх сёньня карыстаецца паслугамі журналістаў, што прайшлі праз курсы гэтай школы. У адрозненьне ад усіх ранейшых часоў, цяпер у школе ўвагу надаюць працы з хлопцамі і дзўяўчатамі, што сканчваюць 10-11 класы альбо навучаюцца на 1-2 курсах ВНУ. Сэнс падобнай працы ў тым, каб менавіта сярод маладых знайсьці і падрыхтаваць новыя журналісцкія кадры. Маладыя - гэта будучыня грамадства. Яны ўжо зараз імкнуцца да актыўнага ўспрыняцьця і адлюстраваньня рэчаіснасьці. Важна, каб гэтае імкненьне падмацоўвалася пэўным досьведам і практыкай. Менавіта гэта забясьпечыць школа. Яе ўзначальвае кіраўнік Магілёўскай філіі БАЖ Сяргей Шышкін, які нязменна "вядзе" праект журналісцкай школы ўсе гэтыя гады.
* * *
Агульны разавы наклад усіх газэтаў вобласьці, паводле намесьніка загадчыка аддзелу друку аблвыканкаму Анатоля Кораўцова, роўны 230 тыс. асобнікаў. Далей дастаткова правесьці элементарны падлік. Калі выключыць з гэтай лічбы наклады "лаяльнай" прэсы (нават са статусам недзяржаўнай) - "Магілёўскія ведамасці", у сярэднім прыкладна 35 тыс., + "Веснік Магілёва", 13 тыс., + "Магілёўская праўда", 16 тыс., + "Вячэрні Магілёў", 50 тыс. + астатнія раёнкі ды іншыя - яшчэ 60 тыс., - то для на долю незалежнага друку ледзьве 10% набярэцца. Прычыны падобнага становішча, відавочна, не ў тым, што журналісты ў незалежных СМІ няздатныя, неталенавітыя. Прычыны ў стаўленьні дзяржавы да прэсы, якая непадкантрольная гэтай дзяржаве. І папера для такой прэсы больш дарагая, і друкарню знайсьці цяжэй, і офіс падшукаць праблематычна. Ды й сацыяльныя гарантыі амаль нулёвыя. Сёння журналіст у недзяржаўнай газэце - гэта грамадзянская пазіцыя, якая яму дорага каштуе. А мусіць быць проста прафэсія.
* * *
У калег з газеты "Магілёўская праўда" з'явіўся матэрыял прысвечаны 70-годдзю Гарбачова. І можна было б не заўважыць яго, каб змешчаныя ў ім думкі не мелі агульнага зьместу. Газета цытуе стаўленьне да Гарбачова з боку шэрагу людзей - ад чыноўніка да міліцыянта. Вось выказваньні абсалютнай большасьці: "Уся ягоная заслуга ў тым, што ён за каротікі тэрмін здолеў разваліць дзяржаву", "Калі да ўлады прыходзіць дэмакратыя, - у краіне няма ані парадку, ані дабрабыту. Калі пасля Сталіна, Брэжнева пры Гарбачове з'явілася поўная свабода, - гэта магло прывесьці толькі да краху", "У выніку атрымалася не перабудова, а катастрофа", "Да ўлады прыйшоў чалавек, які паставіў за мэту разваліць кампартыю знутры і зьнішчыць заваёвы сацыялізму".
* * *
Аблвыканкам правёў у Чавусах сэмінар пад красамоўнай назвай "Сродкі масавай інфармацыі - дзейсны канал умацаваньня сувязі ўлады з народам." Афіцыйна - прадстаўнікі дзяржаўнай прэсы і вертыкалі абменьваліся досьведам збліжэньня ўлады і народу. Фактычна - напярэдадні выбарчай кампаніі, - ідэалагічная вертыкаль абмяркоўвала, як і далей так тлуміць галаву людзям, каб тыя верылі. На семінары выступілі кіраўнікі рённых газэтаў, начальнікі ідэалагічных структураў вертыкалі. Яны распавядалі, як гэта зараз робіцца - агітацыя і прапаганда. Адно супакойвае - нічога новага не прыдумалі. А, здаецца, што непрыкрытая прапаганда людзям патроху надакучвае.
|